Філ Мікельсан заваяваў другі тытул пераможцы этапу WGC-HSBC Champions

P.Mickelson - World Golf Championship 2009Пасьля працяглых і ўпартых «баёў» Філ Микелсон заваяваў другі тытул пераможцы этапу Чэмпіянату сьвету па гольфе – HSBC Champions, 8 лістапада 2009.

Здарылася гэта, як і ў лістападзе 2007 гаду (сэзон 2008) у Шанхаі. На працягу ўсіх чатырох раўндаў амэрыканец літаральна палымеў на поле Sheshan International GC, вядучы наступ да запаветнага кубку.

Пачаўшы турнір у другой дзясятцы, днём пазьней гальфіст на «паях» з Раянам Мурам і Альвара Кірасам замкнуў тройку наймоцных, прапусціўшы наперад суайчыннікаў – Тайгера Вудза (які працягвае быць World No 1) і Ніка Ўітні.

На старт фінальнага раўнда Мікелсан выйшаў ужо ў рангу аднаасобнага лідэра, маючы перавагу ў два ўдары. Варта адзначыць і жудасную гульню Вудза гэтым разам. Паміж тым апанэнты Філа ня мелі намер здавацца на літасьць пераможцы. І больш усіх Эрні Элс, які апынуўся ў ліку віртуозаў, якія здолелі перапісаць рэкорд поля – 63(-9)! Нажаль, паўднёваафрыканцу не хапіла ўсяго ўдару, каб давесці справу да перагулёўкі. І гэты ўдар сарваўся на васямнаццатай лунцы, калі мяч, воляю лёсу ня стаў затрымлівацца на грыне і апынуўся ў возеры, клапатліва збудаваным дызайнэрам поля Нэйлам Хаварсам з Nelson and Haworth design – адзіны боўгі за раўнд, які і вырашыў у выніку лёс чэмпіёнскага тытулу! 271 удар супраць 272 адпаведна.

Мікелсан ушанаваў калегу за выдатную гульню: «Эрні гуляў проста фантастычна, асабліва ўлічваючы складанасьць поля і падступнасьць грынаў. Я выпрабаваў гэта на сабе, калі быў на валасінку ад «згубы» на 16-й лунцы». Кажучы аб сваёй перамозе, амэрыканец не хаваў сваіх пачуцьцяў: «Узрушаюча! Гэты этап World Golf Championships і так асаблівы для мяне, а тым больш сёлета, бо менавіта тут, у Кітаі я заплянаваў завяршыць свой гульнявы сэзон і адпачыць да канца студзеня будучага гаду. Прыгожы атрымаўся фініш, нічога ня скажаш!».

І прыбытковы: за 17 чэмпіёнскіх «мінусаў» Філ Мікелсан зарабіў больш за чатыры з паловай мільёны даляраў!

Паводле гольфдайджэст.ру
Фота hsbcgolf.com